Білетная каса:

+375 17 331-16-17

Замаўленне квіткоў

Рэмез Тамара (сапрана)

У 1999 годзе скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі (клас народнай артысткі Рэспублікі Беларусь І.С.Шыкуновай). Лаўрэат Нацыянальнага конкурсу вакалістаў ім. Л.П.Александроўскай (1994г.), лаўрэат Міжнароднага конкурсу духоўнай музыкі «Магутны Божа» (2003г.), лаўрэат XVII Міжнароднага конкурсу-фестывалю мастацтваў імя М.Канапніцкай (Польшча, 2015г.). З вялікім поспехам прыняла ўдзел у больш чым за 40 Міжнародных музычных фестывалях у Беларусі і за мяжой.

Рэпертуар салісткі ўключае музыку розных стыляў і напрамкаў: духоўная і свецкая музыка эпохі барока, арыі з опер, рамансы, сучасная музыка, народныя песні, музыка для дзяцей і юнацтва. Папулярызуе старадаўнюю беларускую музыку, сачыненні эпохі рамантызму і сучасных беларускіх кампазітараў. З'яўляецца аўтарам шматлікіх сольных праектаў, сярод якіх: «Ave Maria», «Святло беларускага рамантызму», «Мелодыі душы», «Музыка вясны» і інш.

З 2010 года працуе ў Філармоніі для дзяцей і юнацтва. На высокім прафесійным узроўні выступае ў літаратурна-музычных праграмах лектараў-музыказнаўцаў на выязных сцэнічных пляцоўках, а таксама на сцэне Малой залы імя Р.Шырмы і Вялікай залы Белдзяржфілармоніі.

Выступае ў канцэртных праграмах з вядомымі арганістамі, сярод якіх: К.Пагарэлая, В.Неўдах, І.Труммэр, Ю.Таммінен і інш.

Вядзе актыўную канцэртную і гастрольную дзейнасць. З поспехам рэалізавала больш за 100 сольных праграм у Беларусі, Германіі, Аўстрыі, Даніі, Польшчы, Літве і інш. Плённа супрацоўнічае з многімі беларускімі і замежнымі творчымі калектывамі. Прымала ўдзел у музычных праектах Польскага інстытута, Пасольства Фінляндыі, Германіі, Мальты.

Запісала некалькі кампакт дыскаў. Мае запісы ў фондах Беларускага радыё.

За ўклад у развіццё нацыянальнага музычнага мастацтва атрымаў падзяку Белдзяржфілармоніі (2012г.), Грамату Белдзяржфілармоніі за актыўную канцэртна-выканальніцкую дзейнасць (2015г.), Грамату Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (2016г.) і інш.