Білетная каса:

+375 17 396-16-17

Замаўленне квіткоў
Год качества

Шумакова Таццяна (цымбалы)

Шумакова Таццяна (цымбалы)

Таццяна Шумакова скончыла Сярэднюю спецыяльную музычную школу пры Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі (клас Т.П. Сяргеенка), з адзнакай скончыла Беларускую дзяржаўную кансерваторыю імя А. Луначарскага (клас Т.П. Сяргеенка), а так жа асістэнтуру-стажыроўку пры БДК (клас Я.П. Гладкага).

З 1980г. - артыстка-инструменталистка Беларускай дзяржаўнай філармоніі. У 1983г. стала лаўрэатам Усесаюзнага агляду-конкурсу творчай моладзі. Прымала ўдзел у фестывалях у Расіі, Украіне, Малдове, Казахстане, Літве, Польшчы, Германіі, Галандыі, Швецыі, Славакіі, Паўднёвай Карэі. Выступала ў суправаджэнні аркестраў пад кіраваннем Ю.Ефимова, Ю.Цырука, Г. Праваторава, П.Вандзіло ўскага, А. Віта, Б. Мусахаджаевай.

З 1996г. Т. Шумакова цесна супрацоўнічае з выдатнымі музыкамі цымбалісткай Наталляй Аруцюнава і піяністам Валерыем Баравіковым ў складзе трыа «Кансананс». За гэтыя гады імі было падрыхтавана шмат цікавых канцэртных праграм, якія з поспехам былі выкананы як у нас у рэспубліцы, так і за яе межамі (Расія, Украіна, Малдова, Польшча, Ірландыя, Паўночная Карэя). У 2001г. трыа атрымала званне лаўрэата і дыплома I ступені Міжнароднага фестывалю-конкурсу выканаўцаў на народных інструментах ў г. Пскове (Расія). У 2002г. ансамбль стаў уладальнікам дыплома і срэбнага кубка XX Міжнароднага фестывалю - конкурсу «Дружба народаў» у г. Пхеньяне (Паўночная Карэя).

Т.Шумакова і Н.Аруцюнава выступалі з камерным аркестрам пад кіраўніцтвам В.Парчыньскага (г.Варшава), з камерным аркестрам Польскага радыё і тэлебачання «Амадэус» пад кіраўніцтвам А.Дучмаль, з сімфанічным аркестрам пад кіраўніцтвам Ч.Грабоўскага (г. Зялёна Гура), з аркестрам рускіх народных інструментаў імя В.Дуброўскага пад кіраваннем Н.Сцяпанава і А.Арлова (г. Смаленск, Расія).

Т.Шумакова, Н.Аруцюнава, В.Баравікоў і Дзяржаўны камерны аркестр пад кіраўніцтвам П.Вандзілоўскага падрыхтавалі сумесны праект «У свеце гукаў і фарбаў», а сумесна з Ансамблем салістаў «Класік-авангард» пад кіраўніцтвам У.Байдава - «Узнёслае і зямное». У гэтых праектах беларускія цымбалы гучалі ў суправаджэнні аркестра на працягу двух аддзяленняў, а ў зале, у рамках гэтых праектаў былі адкрыты выставы карцін беларускіх мастакоў С.Піскун і О.Піскун-Бычко («У свеце гукаў і фарбаў") і мастака-касміста А.Высоцкага («Узнёслае і зямное»).

19.05.2015г. трыа «Кансананс» было запрошана ў Маскву для ўдзелу ў адкрыцці літаратурна-дакументальнай выставы «Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому ", якая праводзіцца ў рамках святкавання 70-годдзя Перамогі і 90-годдзя народнага пісьменніка Беларусі В.Быкава. Выстава праходзіла ў Дзелавым і культурным комплексе пасольства Беларусі ў Расіі.

Т.Шумакова прымае ўдзел у канцэртах «Музычнай гасцёўні» Т.Старчанкі. Супрацоўнічае з тэатрам "Зьніч". У садружнасці з Г.Дзягілевай, В.Рогаўцавым і Н.Сазановіч імі былі падрыхтаваныя музычна-паэтычныя праграмы, прысвечаныя творчасці А.Разанава, С.Грахоўскага і У.Сыракомлі.

У 2007 годзе ў г. Сеуле (Паўднёвая Карэя) на фестывалі «Майстры Свету», у якім бралі ўдзел выканаўцы народнай творчасці і фальклору пяці кантынентаў, Т.Шумакова атрымала сертыфікат «Майстар Свету», годна прадставіўшы наш народны музычны інструмент - цымбалы, з яго пранікнёным і чароўным гучаннем.