Білетная каса:

+375 17 396-16-17

Замаўленне БІЛЕТАЎ

Год качества

Шуміліна Ірына (фартэпіяна)

Шуміліна Ірына (фартэпіяна)

заслужаная артыстка Рэспублiкi Беларусь

Ірына Шуміліна нарадзілася ў Менску ў сям'і музыкаў. Скончыла Сярэднюю спецыяльную музычную школу і Беларускую дзяржаўную кансерваторыю (клас прафесара Р.І.Шэршэўскага - вучня вядомых музыкантаў Санкт-Пецярбургскай школы У.Сафраніцкага і С.Саўшынскага). Працягнула вучобу ў аспірантуры Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П.Чайкоўскага (клас прафесара Л.М.Уласенка). Яшчэ студэнткай яна актыўна выступала з сольнымі канцэртамі. Удзельніца шматлікіх фестываляў, пераможца нацыянальных і міжнародных конкурсаў.

Ірына Шуміліна пасля заканчэння вучобы і да гэтага часу працуе салісткай Беларускай дзяржаўнай філармоніі, вядзе інтэнсіўную канцэртную дзейнасць. Адметная рыса выканаўцы - высокая адказнасць перад сваім мастацтвам, дакладнае разуменне стылю выкананай музыкі, свабоднае валоданне ўсімі рэсурсамі фартэпіяннай тэхнікі. Рэпертуар яе незвычайна шырокі і шматгранны, пры гэтым асабліва ярка яе майстэрства раскрываецца ў выкананні буйных твораў: санат, сюіт, фантазій, фартэпіянных цыклаў, канцэртаў. Упадабаныя кампазітары піяністкі - С.Рахманінаў, М.Мусаргскі, П.Чайкоўскі, С.Пракоф'еў, Л.ван Бетховен, І.Брамс, Р.Шуман, Ф.Шуберт, Ф.Шапэн, Ф.Ліст.

Асаблівае месца ў яе рэпертуары займаюць сачыненні беларускіх кампазітараў розных пакаленняў: М.Аладава, А.Клумава, П.Падкавырава, Л.Абеліёвіча, Г.Вагнера, Я.Глебава, І.Лучанка, У.Дарохіна, У.Будніка і інш. Ірына Шуміліна з'яўляецца першым выканаўцам шматлікіх твораў гэтых аўтараў.

Важную частку яе дзейнасці складае ўдзел у аўтарскіх канцэртах карыфеяў сучаснай музыкі (Ц.Хрэннікаў, Б.Чайкоўскі, І.Лучанок і інш.) і ў канцэртах, прымеркаваных знамянальным юбілеям (М.Рымскага-Корсакава, С.Рахманінава, М.Глінкі, Я.Тарасевіча і інш.).

Геаграфія гастрольных паездак І.Шумілінай шырокая. Яе неаднаразова слухалі ва многіх гарадах былога Савецкага саюза і за мяжой (Індыя, Італія, Германія, Польшча). Сярод вядомых дырыжораў, з якімі яна выступала - Ф.Мансураа (Масква), А.Вядзернікаў (Масква), В.Гергіеў (Санкт-Пецярбург), Н.Ярві (Талін), Ю.Домаркас (Вільнюс), В.Дуброўскі ( Мінск, Смаленск), В.Ціц (Омск, Цюмень), А.Аляксееў (Харкаў, Кіеў), К.Ямада (Японія), П.-Д.Паннэль (Францыя, Германія), І.-Э. Райль (Германія), Ч.Анмбакер (ЗША), Й.Івер (Германія), В.Кайтель (Германія) і інш.

Ірына Шуміліна мае вялікі фонд запісаў рускай, замежнай і беларускай музыкі на Нацыянальным радыё і тэлебачанні, сістэматычна яго папаўняе.

І.Шуміліна выступала на міжнародных фестывалях: XXII Cantiere Internationale d'Arte (Монтепульчано, Італія, 1997), Міжнародны фестываль ім. Дж.Расіні (Путбус, Германія, 1998), «Нямецка-беларуская музычная восень» (Германія, 2000), «Міжнародны музычны фестываль імя Р.Шумана» (Германія, 2002), фестывалі імя П.Чайкоўскага і Н.Ф.фон Мекк (Украіна, 2005).

З 2003 па 2005 год выступала ў гарадах Расіі і Беларусі з сольнымі канцэртамі, прысвечанымі 200-годдзю з дня нараджэння М.Глінкі. У 2006 годзе яна дала шэраг юбілейных канцэртаў да 250-годдзя з дня нараджэння В.А.Моцарта.

У 2007 годзе Ірына Шуміліна была ўзнагароджана адметнымі знакамі «За ўклад у развіццё культуры Беларусі» і «За ўклад у развіццё музычнага мастацтва».

У 2010 годзе І.Шуміліна выступіла з серыяй канцэртаў у розных гарадах, прысвечанай 200-годдзю з дня нараджэння Ф.Шапэна. Увесну 2010 года стала лаўрэатам Міжнароднай прэміі імя С.Тальберга (Неапаль, Італія, 2010).

Творчыя дасягненні піяністкі заўсёды знаходзяць жывы водгук і захопленае прызнанне слухачоў, атрымліваюць высокую ацэнку ў нацыянальнай і замежнай прэсе.

https://twitter.com/shumilinaok

https://www.youtube.com/channel/UCPXqnEYFuRALWK_yJA_Qd-w