Вайніцкі Сяргей Алегавіч, акампаніятар-канцэртмайстар Філармоніі для дзяцей і юнацтва Белдзяржфілармоніі
У 2002 годзе скончыў Рэспубліканскі вучэбны комплекс гімназія-каледж пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі па спецыяльнасці “інструментальнае выканальніцтва”, спецыялізацыя “фартэпіяна” (клас педагога Л.М. Бондаравай). У 2007 годзе з адзнакай скончыў фартэпіяннае аддзяленне Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (класы дацэнта У.А.Дулава і прафесара З.В.Качарскай) і атрымаў ступень бакалаўра мастацтваў па спецыяльнасці фартэпіяна.
У 2010 годзе скончыў аспірантуру Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (творчы кіраўнік – прафесар З.В.Качарская, навуковы кіраўнік – кандыдат мастацтвазнаўства, дацэнт А.М.Гарахавік). У перыяд навучання ў аспірантуры апублікаваў шэраг навуковых артыкулаў у айчынных і замежных навуковых выданнях. У 2016 годзе скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі па спецыяльнасці “кампазіцыя” (клас А.І.Хадоскі).
Лаўрэат VII Міжнароднага конкурсу піяністаў, фартэпіянных дуэтаў і камерных ансамбляў імя М.Юдзінай ў намінацыі “Фартэпіяна сола” (Расія, Санкт-Пецярбург; 2005); Адкрытага ўсебеларускага кампазітарскага конкурсу Асацыяцыі маладых беларускіх кампазітараў Беларускага саюза музычных дзеячаў на лепшы харавы твор да 100-гадовага юбілею касцёла Св.Сымона і Св.Алены (Мінск; 2011). Прымаў удзел у Міжнародным конкурсе піяністаў “Valsesia Musica” у Варало (Італія). Стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі (2006).
Захоплены, таленавіты і высокапрафесійны піяніст. Яго творчае аблічча характарызуецца спалучэннем удумлівага, стылістычна дакладнага і яркага, эмацыйна адкрытага выканання твораў класіка-рамантычнага рэпертуару з цікавасцю да твораў ХХ стагоддзя і сучаснай акадэмічнай музыкі.
У Філармоніі для дзяцей і юнацтва Белдзяржфілармоніі працуе з 2009 года. Рэгулярна выступае ў складзе розных творчых груп у канцэртах для дзіцяча-юнацкай аўдыторыі на розных сцэнічных пляцоўках. Прымае актыўны ўдзел у праектах Белдзяржфілармоніі, выступае ў канцэртных залах Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Мінскага каледжа мастацтваў і інш.
У яго рэпертуары – канцэрты І.С.Баха, В.А.Моцарта, Ф.Ліста; творы для фартэпіяна В.А.Моцарта, Л. ван Бетховена, Ф.Шуберта, Ф.Ліста, Ф.Шапэна, І.Брамса, С.Манюшкі, І.Стравінскага, Г.Гарэлавай, маладых беларускіх кампазітараў.
У 2015 годзе актыўная канцэртная дзейнасць С.Вайніцкага адзначана Падзякай Белдзяржфілармоніі.