Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь
Галоўны дырыжор – заслужаны артыст Расіі Яўген Бушкоў
Невядомы аўтар – Сімфонія Сі-бемоль мажор з Забельскай калекцыі (знойдзена А.Фраловым, С.Немагай, рэканструкцыя К.Яськова), сусветная прэм’ера
К.Яськоў – Містэрыя для народнага голасу, струнных, ударных і фартэпіяна “Кросны Макошы”, сусветная прэм’ера
П.Чайкоўскі – Серэнада для струннага аркестра
Дзяржаўны камерны аркестр Рэспублікі Беларусь адкрывае новы сезон выдатнай канцэртнай праграмай, прысвечанай 80-гадоваму юбілею Белдзяржфілармоніі: сусветныя прэм’еры і любімая класіка прагучаць на сцэне Вялікай залы 20 верасня.
На пачатку мінулага сезону па ініцыятыве мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора аркестра Яўгена Бушкова Белдзяржфілармонія ўвяла новую для беларускага музычнага жыцця форму творчага ўзаемадзеяння паміж канцэртным калетктывам і сучасным кампазітарам – composer-in-recidence. Сутнаць гэтае формы палягае на запрашэнні аўтара да доўгатэрміновай супрацы з мэтай стварэння музыкі для канкрэтных выканаўцаў і канкрэтнай падзеі. Напрыканцы 2016 г. такім запрошаным творцам стаў малады беларускі кампазітар Канстанцін Яськоў. У выніку яго супрацы з аркестрам з’явіліся дзве буйныя партытуры: рэканструяваная кампазітарам Сімфонія Сі-бемоль мажор з Забельскай калекцыі невядомага беларускага аўтара XVIII-XIX ст., а таксама адмыслова створаная містэрыя для народнага голасу, струнных, ударных і фартэпіяна “Кросны Макошы”. Гэтыя прэм’ерныя творы разам з ўсясветна вядомай Серэнадай для струнных До-мажор ор.48 П.Чайкоўскага склалі канцэртную праграму Дзяржаўнага камернага аркестра.
«Забельская сімфонія» – унікальны архіўны рукапіс, знойдзены С.Немагай і А.Фраловым у Віленскіх архівах і прывезены імі ў Беларусь. Ён прадстаўляе сабой самы захаваны помнік у адкрытай гэтымі музыказнаўцамі «Забельскай калекцыі» – нотнага збора беларускай музычнай культуры эпохі Класіцызма і ранняга Рамантызма. Па даследваннях А.Фралова, першапачаткова сімфонія была створана і выконвалася на Полаччыне, у манастыры і калегіюме дамініканцаў у Забелах (сёння в. Валынцы Верхнядзьвінскага р-на), дзе у кан. XVIII – пач. XIX ст. існаваў сімфанічны аркестр раннекласічнага тыпу.
Назва праграмы канцэрта, “Кросны Макошы”, дадзена паводле новага твору К.Яськова і мае сімвалічнае значэнне. Макоша – багіня старажытных славян, апякунка жанчын і ткацтва, якая тчэ кросны лёсу. Канцэртная праграма Дзяржаўнага камернага аркестра – гэта суплёт глыбінных пластоў нацыяльнальнага песеннага фальклору і дасягненняў сусветнай акадэмічнай музычнай культуры, гэта повязь розных эпох – архаічнай даўніны, класіцызма, рамантызма, сучаснасці. Аднак ёсць стужка, якае ўсё гэта звязвае ў адзінства – музыка як мова ўніверсальных, спрадвечных інтанацый, здольных перадаваць агульначалавечыя пачуцці, эмоцыі, вобразы і сэнсы, што знаходзяцца па-за межамі слоў і часу.