Білетная каса:

+375 17 396-16-17

Замаўленне квіткоў
Год качества

Гала-канцэрт да 85-годдзя Беларускага саюза кампазітараў: сімфанічная музыка сучаснай Беларусі

Дата: 02.03.2019 пачатак у 19:00
СІМФАНІЧНАЯ МУЗЫКА СУЧАСНАЙ БЕЛАРУСІ
Гала-канцэрт да 85-годдзя Беларускага саюза кампазітараў
 
Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр
Рэспублікі Беларусь
Галоўны дырыжор – народны артыст Беларусі
Аляксандр Анісімаў
 
Салісты – заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь
Юлія Стэфановіч скрыпка
Юрый Бліноў фартэпіяна
Ірына Міхайлава цымбалы
Вольга Падгайская арган

У праграмме: творы А. Багатырова, С.Картэса, У.Солтана, Г.Вагнера, Я.Глебава, Л.Абеліёвіча, Дз.Смольскага, А.Мдзівані, В.Карэтнікава, А.Хадоскі, К.Цесакова, В.Падгайскай, С.Бельцюкова, Дз.Лыбіна, Дз.Яўтуховіча

"Сімфанічны канцэрт да 85-годдзя Беларускага саюза кампазітараў – гэта і рэтраспектыва айчыннай класікі, і найноўшыя творы, адпаведныя сусветным мастацкім тэндэнцыям сучаснасці.

Той жа Дзмітрый Яўтуховіч да свайго ад’езду ў Амерыку быў вядомы найперш сваімі песнямі, а тут – прэм’ера нядаўна напісанай паэмы для фартэпіяна з аркестрам. Творчасць вядомага авангардыста Дзмітрыя Лыбіна прадстаўлена духоўнай тэмай (“Паданне Белавозера”). Кампазітар Вольга Падгайская сядзе за арган (“Капітан планет”). А знакаміты Андрэй Мдзівані зноў звяртаецца да ўлюбёнай тэмы полацкай зямлі, калісьці распрацаванай ў Пятай і Шостай сімфоніях, у балеце “Рагнеда”. Яго “Полацкая паэма” была створана пад уражаннем ад наведвання горада ў 2017-м, калі таму споўнілася 1155 гадоў.

З безлічы класічных твораў беларускіх кампазітараў былі абраны найперш яркія танцавальныя старонкі. Ці ж не цікава параўнаць, да прыкладу, як па-рознаму адчувалі той жа вальс Анатоль Багатыроў, Сяргей Картэс, Уладзімір Солтан. Якія розныя вобразы ўкладалі ў танцавальнасць Яўген Глебаў, Генрых Вагнер, Дзмітрый Смольскі – і нашы сучаснікі Сяргей Бельцюкоў (“Танцуючыя птушкі”), Алег Хадоска (фрагменты з балета “Зала чакання”). Нанова, скрозь тэму Халакосту, ацаніць найпрыгожую Арыю для скрыпкі з аркестрам Льва Абеліёвіча. Услухацца, а не толькі “ўглядзецца” ў зімовыя замалёўкі (“Зіма” з “Пораў году” Валерыя Карэтнікава).

Як бы тое ні было, а канцэрт дае магчымасць кожнаму зрабіць шмат уласных адкрыццяў: што ні нумар, то навінка ці нечаканы ракурс".

Надзея Бунцэвіч

 

“Размова пра музыку ніколі не зашкодзіць. Але на гэты раз музыка сама распавядзе пра сябе.

СІМФАНІЧНАЯ МУЗЫКА СУЧАСНАЙ БЕЛАРУСІ на сцэне Вялікай залы Белдзяржфілармоніі — падзея, якую немагчыма не заўважыць. Можна хіба дачыніцца — як да гісторыі, якой беларуская музыка належыць.

2 сакавіка — гала-канцэрт да 85-годдзя Беларускага саюза кампазітараў, а таксама выключная нагода пазнаёміцца з сучаснай беларускай музыкай.

Панарама жанраў і форм у І-ым аддзяленні канцэрта — музыка А.Багатырова, С.Картэса, У.Солтана, Г.Вагнэра, Я.Глебава, Л.Абеліёвіча, Д.Смольскага, К.Цесакова. За кожным імем — эпоха, гісторыя, лёс, вучні… Напісаная ў розныя гады ХХ-га стагоддзя, яна гучыць зусім інакш у ХХІ-ым.

У ІІ-ім аддзяленні прагучаць творы А.Мдзівані, В.Карэтнікава, А.Хадоскі, К.Цесакова, В.Падгайскай, С.Бельцюкова, Д.Лыбіна, Д.Яўтуховіча.

Размова пра музыку ніколі не зашкодзіць. Памеркаваць будзе аб чым”.

Ларыса Сімаковіч

Сімфанічная музыка сучаснай Беларусі