Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Юрый Гільдзюк атрымаў музычную адукацыю ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі і Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П.Чайкоўскага ў класах заслужанага дзеяча мастацтваў прафесара І.А.Цвятаевай і доктара мастацтвазнаўства прафесара Я.І.Мільштэйна.
Юрый Гільдзюк актыўна канцэрціруе як саліст і выканаўца камернай музыкі, гастралюе ў Беларусі і за яе межамі. Выступае ў ансамблях з вядомымі інструменталістамі, опернымі і камернымі спевакамі, мае запісы на радыё і тэлебачанні.
Ю.М.Гільдзюк паспяхова спалучае канцэртную дзейнасць з педагагічнай і музычна-грамадскай працай. Выкладаў у Рэспубліканскім музычным каледжы, на кафедры канцэртмайстарскага майстэрства Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (загадчык кафедры). У цяперашні час - прафесар кафедры спецыяльнага фартэпіяна Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Яго вучні – паспяховыя піяністы, педагогі і канцэртмайстры - працуюць у рэспубліцы і за мяжой. Многія з іх - лаўрэаты буйных міжнародных конкурсаў піяністаў.
З 1983 года Юрый Гільдзюк з'яўляецца мастацкім кіраўніком Беларускай дзяржаўнай філармоніі.