песні, рамансы і арыі з репертуару Мусліма Магамаева
Канцэрт-прысвячэнне народнаму артысту СССР Мусліму Магамаеву
“СВЕТ ДАЛЁКАЙ ЗОРКІ”
Муслім Магамаеў – выбітны артыст, савецкі, азербайджанскі і расійскі эстрадны і оперны спявак, кампазітар. Ён па праве лічыцца адным з лепшых барытонаў свету. Спявак радаваў публіку сваёй творчасцю ў 1960– 80-я гады. Імя Мусліма Магамаева было вядома ледзь не кожнаму жыхару велізарнай краіны. Папулярнасць спевака была неверагоднай: яго песні ўвесь час гучалі па радыё і тэлебачанні. Канцэрты М.Магамаева збіралі шматтысячныя стадыёны, пласцінкі спевака выходзілі мільённымі тыражамі. У рэпертуары выканаўца – звыш 600 твораў: арыі, рамансы, эстрадныя песні. Цудоўны голас, яркая індывідуальнасць, усенароднае каханне, вядомасць і нейкая таямніца…
Час, што нязменна знікае ад нас, калі-некалі вяртаецца. У гэтым дапамагае музыка, што аб’ядноўвае розныя пакаленні. Беларуская дзяржаўная філармонія запрашае гледачоў 16 чэрвеня 2021 г. у Малую залу імя Р.Шырмы на канцэрт-прысвячэнне народнаму артысту СССР Мусліму Магамаеву “Свет далёкай зоркі”.
У выкананні лаўрэатаў і дыпламантаў міжнародных і нацыянальных конкурсаў, салістаў Белдзяржфілармоніі Дзмітрыя Гайдукова, Максіма Абраўца, Дзмітрыя Туніка, Тамары Рэмез, Святланы Старадзетка, Святланы Еўтух і Валянціны Дабравольскай прагучаць лепшыя песні, рамансы і арыі з рэпертуару выбітнага артыста – “Мелодыя”, “Дзякую табе”, “Чортава кола”, “Вяселле”, “Не спяшайся”, “Каралева прыгажосці”, “О, мора, мора” і шмат якія іншыя папулярныя песні, а таксама вядомыя арыі і дуэты.
Партыя фартэпіяна – лаўрэаты міжнародных конкурсаў Сяргей Вайніцкі, Вольга Макеева
Вядучая канцэрта – Кацярына Агароднікава
Вас чакае незабыўны, поўны радасных імгненняў пазнавання і пазітыўных уражанняў вечар!
Квіткі – у касах філармоніі. Кошт – 10 рублёў.